Е́ЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі 37-й Ельскай партыз. брыгады ва ўзаемадзеянні з 12-м гвардз. стралк. палком Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў у ліст. і снеж. за вызваленне г. Ельск у Вял. Айч. вайну. Вылучаныя для ўдзелу ў аперацыі стралк. полк і артдывізіён 1-га Укр. фронту партызаны скрытна правялі ў тыл. ворага. У ноч на 27 ліст. пасля артпадрыхтоўкі партызаны і сав. воіны ўварваліся ў Ельск, гарнізон якога налічваў каля 600 гітлераўцаў, і за 2 гадз авалодалі ім. Пасля 3 дзён беспаспяховых контратак гітлераўцы, падтрыманыя 54 танкамі і самаходнымі гарматамі, 29 ліст. занялі горад. Праціўнік страціў больш за 450 салдат і афіцэраў. 9 снеж. 37-я Ельская партыз. брыгада ва ўзаемадзеянні з 415-й стралк. дывізіяй вызваліла Ельск.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)